Электрастанцыя ў Пружанах

31 мартa 2022

На гэтым здымку можна пабачыць, як выглядала «знутры» электрастанцыя ў Пружанах у 1933 годзе.

Не ўражвае, праўда, асабліва ў параўнанні з сённяшнімі? Але для правінцыяльнага горада, напэўна, і гэта было дзівам.

На фотаздымках 1916-1918 гадоў бачна, што ўздоўж цэнтральных вуліц стаяць слупы электраперадачы. Можна меркаваць, што менавіта падчас Першай сусветнай вайны гэтую невялікую малой магутнасці электрастанцыю ў нашым горадзе ўстанавілі немцы.

Магчыма, пэўны перыяд падчас расійска-польскай вайны яна не працавала: у дакументах ёсць упамінанне, што электрастанцыя ўзнавіла сваю работу ў верасні 1920 года, падчас кароткага перыяду заняцця Пружан бальшавікамі.

Знаходзілася электрастанцыя на вуліцы Будкевіча (такую назву насіла «за польскім часам» цяперашняя Камсамольская).

Старажылы ўзгадваюць, што працавала яна яшчэ падчас фашысцкай акупацыі. А перад самым уваходам у Пружаны часцей Савецкай арміі ў ліпені 1944 года адыходзячыя нямецкія войскі яе ўзарвалі.